Апісанне твора


Творы » Беларуска. Хлеб-соль
(клік па фота для прагляду на ўвесь экран)

Назва:  Беларуска. Хлеб-соль

Год(Гады) стварэння:  1954

Барэльеф

Гіпс, таніроўка

Памеры:  80 х 60

Месцазнаходжанне:  Нацыянальны мастацкі музей, Мінск, Беларусь

Барэльеф «Беларуска. Хлеб-соль» – адзін з лепшых станковых твораў Андрэя Бембеля (1905–1986). Упісаная ў вертыкальны фармат залатога сячэння жаночая паўфігура, якая трымае ў руках на вышываным ручніку каравай з сальніцай і вітае госцяў, прымушае ўспомніць антычныя ўзоры высокай класікі сваёй вольнай пластычнай тонкасцю і адмысловым адчуваннем дынамікі ў супакоі. Галава жанчыны, прыбраная сплеценымі ў касу валасамі, дадзена амаль у профіль, плечы ж разгорнутыя ў тры чвэрці: гэты найлягчэйшы, які нібыта  толькі нараджаецца, паварот галавы направа, у бок нябачных нам госцяў, стварае эфект унутранага руху пры вонкавай статыцы  – тое, што зачароўвае ў барэльефах Парфенону. Вядомы ў антычнасці прыём так званых «вільготных» зморшчын, што абліпаюць плечы і грудзі і падкрэсліваюць формы квітнеючага цела, ужыты тут у трактоўцы нацыянальнага адзення. Складаны рытм зморшчын святочнай кашулі-«вышыванкі» падтрыманы больш брутальнымі заломамі льнянога ручніка і хваліста-круглявымі акрайцамі караваю, ад якога амаль рэальна адчуваюцца пах і цеплыня. Строгі на першы погляд барэльеф поўны яркай цялеснасці: лепка твару, шыі, рук і валасоў узнікла з пяшчотныхі, поўных кахання дакрананняў.

Барэльеф створаны ў 1954 годзе, у перыяд, калі скульптар ужо некалькі гадоў працаваў над жаночымі вобразамі, якія алегарычна сімвалізуюць Беларусь. Ужо была створана велічная статуя, якая вянчае беларускі павільён на ВДНГ у Маскве (1951-1952 гг.), адначасова ствараўся гарэльеф "9 мая 1945 года" для манумента Перамогі ў Мінску (1954), дзе падобны жаночы персанаж дадзены ў больш экспрэсіўным варыянце. Адзін з адліўкаў барэльефа “Беларуска. Хлеб-соль» захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску, другі ўсё жыццё скульптара вісеў ля ўваходу ў яго гасціннай хлебасольнай хаце, сустракаючы кожнага, хто прыходзіў.


Падрыхтоўка матэрыялу — Таццяна Бембель, 4 жніўня 2024
Scroll to Top